Галасы Палесся: Ткацтва – песня душы Ніны Янушчык

Опубликовано: 2023-11-09 347 Автор: admin
Галасы Палесся: Ткацтва – песня душы Ніны Янушчык.Драгічыншчына – край таленавітых людзей, якія дбаюць пра захаванне самабытных рамёстваў. Галіной прызвання двух чалавек, якім пажыццёва нададзена ганаровае званне «Народны майстар Беларусі», з’яўляецца ткацтва. Ніна Янушчык з Бездзежа – адна з іх. Кросны ў зале Майстэрства традыцыйнага ткацтва гэтая 61-гадовая жанчына спасцігала не ў універсітэтах, слухаючы доўгія лекцыі аўтарытэтных вучоных, а ў простай сялянскай хаце. Настаўнікамі ў гэтай справе былі бабуля Наталля і маці Марыя. – Ткацкі станок, па-бездзежску «вырстат», ставілі ў зале. Яшчэ дзіцем, глядзела, як з нітак, дзякуючы руплівай працы рук і ног ткачых, нараджаюцца прыгожыя вырабы «ў кіскі», «у пырыборы», «чырыз цыпок», «у выклады». Ткаць такімі ўзорамі мяне навучылі матуля і бабуля. Бывала, яны пойдуць даіць кароў, а я тым часам сяду за кросны. І нараблю памылак. Вельмі ж хацелася самой нешта тварыць. Аднак доўга прыйшлося вучыцца, хадзіць з жанчынамі «на попрадухы», каб спазнаць гэтую складаную навуку, – расказала Ніна Лукінічна. Дарэчы, у сям’і расло чацвёра дзяцей. Ніна – не толькі мезенец, ці самая малодшая, але і адзіная, хто пераняў у спадчыну ад працавітых продкаў рамяство ткацтва. Сорак ручнікоў Цікавасць да ткацтва мела тады найперш практычную мэту – дзяўчаты самі рыхтавалі сабе пасаг. Скончыўшы восем класаў школы, мая гераіня ўжо добра ўмела карыстацца ўсімі механізмамі, з якіх складаецца ткацкі станок – «статовыны, набылыці, ныт, бэрдо, поножі, брулькі, мацука…». І ўжо на асабістае вяселле, якое справілі, калі Ніне было толькі дзевятнаццаць год, нявеста сама падрыхтавала для ўсіх гасцей падарункі – каля сарака тканых ручнікоў. – Адзінае, што я не запраўляла вярстат – самае складанае ў ткацтве. Гэтым займалася адна вясковая жанчына. Дарэчы, у Бездзежы ткалі толькі прадстаўніцы прыгожай паловы. А вось падчас паказу майстар-класа па ткацтве для турыстаў музея «Бездзежскі фартушок» госць з Італіі заўважыў, што на яго радзіме гэтым займаюцца выключна мужчыны, – рассказала народны майстар. Такая навіна стала нечаканасцю для Ніны Лукінічны. Як, у прынцыпе, і наданне ёй звання «Народны майстар Беларусі». Гэта адбылося 28 снежня пазамінулага года. Аднак па прыродзе сціплая жанчына пра гэтую падзею ў сваім жыцці стараецца многа не гаварыць. У раённым маштабе, як удакладніла намеснік дырэктара клубнай сістэмы Драгічынскага раёна Вольга Кінчак, яна не менш грандыёзная, бо толькі два чалавекі на Драгічыншчыне маюць такое званне – ткачыхі Галіна Сцепанюк з Антопаля і Ніна Янушчык з Бездзежа. – Раней у кожнай вясковай хаце былі такія майстры. Цяпер ведаю толькі дзве жанчыны ў Бездзежы, якія працуюць на кроснах, – Ганна Міхайлаўна і Надзея Навумаўна. Абедзьве, дарэчы, маюць прозвішча Янушчык, хаця ніякага сваяцтва паміж імі і мной няма, – кажа Ніна Лукінічна. Вузельчык «на пазюр» Бабуліны кросны, якія для Ніны Янушчык з’яўляюцца вучнёўскімі, з 2012 года «не сумуюць» – стаяць у кабінеце, дзе яна праводзіць заняткі для гурткоўцаў па ткацтве. Аб’яднанне існуе пры мясцовым музеі «Бездзежскі фартушок». На працу ў знакамітую на ўвесь свет установу (дзякуючы галоўным экспанатам – тканым фартушкам), якая 17 студзеня 2024 года адзначыць «сярэбраны» юбілей сваёй дзейнасці, мая гераіня прыйшла не адразу. – Кім толькі ні была ў жыцці! І прадаўцом, і няняй, і даяркай. На прапанову дырэктара музея Марыі Астаповіч весці гурток спачатку адрэагавала адмоўна. Вагалася, таму што не была ўпэўнена, што ў мяне атрымаецца. Цяпер жа не ўяўляю свайго жыцця без ткацтва. Вучу дзяцей, дзяўчынак і хлопчыкаў, гэтаму ўнікальнаму рамяству. Праграма для выхаванцаў разлічана на два гады. Самыя ўважлівыя і ўседлівыя прыходзяць і пасля. Увогуле, таленавітых вучняў відаць адразу. Не хочацца з такімі развітвацца, – прызналася ткачыха. Ніна Лукінічна згадала, што калісьці заняткі наведвала здольная дзяўчынка Венера. Паколькі ў яе было добра развіта прасторавае мысленне, яна хутка запамінала, як ствараецца ўзор. Але сям’я праз некаторы час пераехала жыць на новае месца. Часта хлопчыкам было значна цікавей ткаць, чым дзяўчатам. Шосты год запар гурток наведвае шасцікласніца Сафія, якая цяпер тчэ першую вялікую працу – двухметровы ручнік з адмысловым узорам. – Спачатку стварала закладкі ў падручнікі, потым пляла паясы на дошчачках, пасля ткала сурвэткі. Самым складаным было адначасова працаваць рукамі і нагамі. З гэтага года распачала ткаць ручнік. На ім – шэсць кветак з падвойнымі пялёсткамі. Такі ўзор адразу малявалі на паперы. Пасля настройвалі станок. Ведаю, што 280 пар нітак задзейнічана ў працэссе. Не заўсёды ўсё лёгка. Здараецца і рвецца нітка. Тады на дапамогу прыходзіць Ніна Лукінічна, якая вяжа вузельчык «на пазюр». Яго не відно пасля ў гатовым вырабе, – расказала Сафія Астаповіч. І работа, і хобі І гэта адзін з сакрэтаў ткацкай справы. Галоўны ж – наступны: калі нечым расхваляваны, не ў настроі – не сядай на дошку, якая служыць месцам працы майстра. Кросны – выдатны рэнтген чалавечага настрою. Калі душу нешта трывожыць, то ніткі не слухаюцца майстра – часта рвуцца. – Для мяне ткацтва – і работа, і хобі. Калі ўсё добра, то ручнік даўжынёй больш за два метры магу саткаць за два дні. Часам працую ў цішыні. Бывае слухаю радыё. Працэс настолькі захоплівае, што не звяртаю ўвагу на праведзеныя за станком гадзіны, – расказала Ніна Янушчык. За адзінаццаць год працы ў музеі яна навучыла ткацтву прыблізна сто дзяцей. Сярод яе вучняў былі ўнучкі Наташа і Кацярына. Яны, як і іншыя, – носьбіты старажытнага рамяства беларусаў. Сіла кроснаў Магчымасць спрычыніцца да таямніцы нараджэння тканых вырабаў і не толькі маюць турысты. Толькі за дзевяць месяцаў бягучага года, як паведаміла дырэктар музея Марыя Астаповіч, «Бездзежскі фартушок» наведала 17 тысяч гасцей. Для іх супрацоўнікі прапануюць шырокую праграму: экскурсіі з музычным суправаджэннем, пераапрананне ў народную вопратку, прымерванне «павы» – галаўнога ўбора нявесты, катанне на брычцы, дэгустацыю традыцыйнай бездзежскай кухні, майстар-класы па старадаўніх вясковых танцах, народных песнях, ткацтве. Кожны раз, калі Ніна Янушчык сядае за кросны, гледачы-турысты знаходзяцца пад іх магічным уздзеяннем. Некаторыя госці здалёку пасля прыязджаюць у Бездзеж спецыяльна для таго, каб майстрыха навучыла іх ткаць. Многія ж, набываючы тканыя сувеніры, аўтарам якіх з’яўляецца народны майстар Ніна Янушчык, хочуць пакінуць тым самым памяць пра добрага і светлага чалавека, ткацтва для якой – галоўная песня яе вялікай душы. Наталля МЕЧНАЯ Фота аўтара >

>

>

>

Понравилась статья? Поделись с друзьями!

Комментарии к статье:

Пока никто не оставил комментирии под этой новостью. Ваш комментарий может быть первым!

Оставить комментарий:

  • Последние новости
  • Популярные новости
Выходные в музее 2024-04-14

Увлекательно и интересно проходят выходные в музее "Бездежский фартушок".

Костюм невесты 2024-04-05

2 апреля в День единения народов России и Беларуси в Пензенском государственном краеведческом музее состоялось открытие выставки "Национальный костюм Пензенской области и Беларуси".

"Полезные каникулы" 2024-03-28

"Полезные каникулы"

Космонавтов из США и Франции познакомили с традициями бездежского фартушка! 3018

12 сентября в музее "Бездежский фартушок" прошла встреча с представителями ХХХI Международного конгресса Ассоциации участников космических полётов из США и Франции.

"Зов Полесья" 2634

22 сентября музыкой и звонкими голосами песен позвал всех полешуков в Лясковичи международный фестиваль этнокультурных традиций "Зов Полесья". И именно "Зов Полесья" открывает потоенные уголки богатой белорусской культуры.

Весенний обряд «Стрылка» 2271

Предлагаем всем 28 апреля встретить Пасхальное воскресенье в аг. Бездеж! Вас ждут: - Вечернее богослужение в Свято-Троицком храме, - Крестный ход к Свято-Рождественскому храму, - Проведение уникального весеннего обрядового хоровода "Стрылка", - Праздничный концерт учащихся воскресной школы и т

наверх